СТУДЗЕНЬСКІЯ РЭСПУБЛІКАНСКІЯ НАВУКОВЫЯ ЧЫТАННІ “ЖЫЦЦЁ, АДДАНАЕ СЛОВУ”

26 студзеня на кафедры беларускага мовазнаўства факультэта гуманітарыстыкі і моўных камунікацый ВДУ імя П.М. Машэрава ў анлайн-фармаце адбыліся Студзеньскія рэспубліканскія навуковыя чытанні “Жыццё, адданае Слову” (памяці кандыдата філалагічных навук дацэнта Генадзя Антонавіча Арцямёнка). Шчырыя словы пра Г.А. Арцямёнка як пра дасведчанага навукоўцу і таленавітага выкладчыка гучалі ад удзельнікаў канферэнцыі на працягу ўсёй сустрэчы.

Праблемнае поле канферэнцыі ахапіла вялікі спектр актуальных пытанняў: беларуская мова як этнакультурны феномен; агульнанацыянальныя і рэгіянальныя моўныя працэсы ў камунікатыўнай прасторы Беларусі; сучасныя праблемы лінгвістычных даследаванняў, метадычныя аспекты выкладання беларускай мовы і літаратуры ў ВНУ і школе і інш.

Навукоўцаў прывітаў дэкан факультэта гуманітарыстыкі і моўных камунікацый прафесар С.У. Нікалаенка.

Філолагі з розных ВНУ і навукова-даследчых цэнтраў Беларусі выявілі жаданне далучыцца да ўдзелу. Больш за 100 навукоўцаў заявілі свае даклады: навуковыя супрацоўнікі, выкладчыкі, настаўнікі беларускай мовы і літаратуры, аспіранты і магістранты. Актыўны ўдзел у чытаннях прынялі супрацоўнікі ДНУ “Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі” (г. Мінск). Шырокая праблематыка навуковых даследаванняў у галіне мовы і літаратуры была адлюстравана ў дакладах як вучоных-акадэмікаў і прафесараў, так і маладых даследчыкаў. Цікавая палеміка разгарнулася паміж удзельнікамі чытанняў па актуальных пытаннях развіцця беларускай мовы і літаратуры ў сучасным грамадстве.

Па выніках правядзення навуковых чытанняў будзе падрыхтаваны зборнік матэрыялаў, які будзе размешчаны ў адкрытым доступе ў электроннай бібліятэцы ВДУ імя П.М. Машэрава.

Падрабязней…